МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-д мукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
У.М.Сацута.
т. 11, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)